Аннотация к книге "Геркулес, Руды i Пярун. Радзiвiлы-пераможцы"
Вiтаўт Чаропка валодае здольнасцю захапляльна распавядаць пра вядомыя i невядомыя падзеi нашай гiсторыi. Таямнiцаў i каларытных постацяў у ёй хапае - новая кнiга Чаропкi, на гэты раз навукова-папулярная, прысвечана тром з такiх постацяў. Гэта прадстаўнiкi роду Радзiвiлаў, знакамiтыя ваяры, што мелi мянушкi Геркулес, Руды i Пярун. Чаму? I чым яны праславiлiся? Чытайце, бо гэта частка i беларускай гiсторыi. Пра подзвiгi ў час вайны са шведамi гетмана Крыштафа Радзiвiла па мянушцы Пярун напiсаў паэму паэт Андрэй Рымша. Яшчэ гэты персанаж "засвечаны" эпiзодам са змаганнем за пасаг Сафii Алелькавiч: багатую сiрату прасваталi за сына Пяруна, але яе апякун, Геранiм Хадкевiч, штосьцi прыўлашчыў з уладанняў нявесты - i ледзь не разгарэлася вайна... Мiкалай Руды нам вядомы перш за ўсё як адзiн з братоў Барбары Радзiвiл, што спрыяў яе адносiнам з каралём Жыгiмонтам Аўгустам... Але пра ягоныя вайсковыя подзвiгi напiсаная лацiнскамоўная паэма "Радзiвiлiяда" аўтарства Яна Радвана, зараз перакладзеная на беларускую мову. Увогуле, у кнiзе вельмi шмат персанажаў i падзеяў, цытат з дакументаў, успамiнаў, лiстоў, мастацкiх твораў, якiя па-новаму раскрыюць для вас мiнулае рыцарскай Беларусi.